на главную | войти | регистрация | DMCA | контакты | справка | donate |      

A B C D E F G H I J K L M N O P Q R S T U V W X Y Z
А Б В Г Д Е Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я


моя полка | жанры | рекомендуем | рейтинг книг | рейтинг авторов | впечатления | новое | форум | сборники | читалки | авторам | добавить



23. Абуджэньне


Гісторыкі, акрамя камуністычна-расейскіх ды іхных інтэлектуальных халуёў, падкрэсьліваюць унікальнае значэньне „Нашай Нівы”, слушна разглядаючы яе ў кантэксьце ўнівэрсальных мэханізмаў нараджэньня нацыі. Але, чамусьці, бракуе ім глыбейшай рэфлексіі, хаця б па аналёгіі з суседнімі нацыянальнымі рухамі, што гэтая газэта выйшла ў Беларусь на адно пакаленьне запозна. Яна павінна была зьявіцца адначасна зь першай хваляй вольных сялянаў, гэта значыць, у васьмідзесятыя гады ХІХ стагодзьдзя. Пра тое, што гэта было магчымае, сьведчыць утварэньне аўтаномнай Беларускай партыі ў рамках „Народнай Волі”, а перш за ўсё існаваньне ў 1884 годзе падпольнага часопіса „Гоман” („Гомон”), на старонках якога, як вядома, упершыню была сфармуляваная ідэя Беларускага Народу й Беларускай Дзяржавы. Былі й іншыя друкі, праўда, аднаразовыя, аказійныя, пра якія я згадваў ужо раней.

Лёгка можна заўважыць: у нармальным фармаваньні палітычнай і культурнай беларушчыны перашкодзіў як імпэрскі тэрор, гэтак і само разьмяшчэньне этнічнага арэалу Беларусі ўнутры царства, што не дапускала зацікаўленьня ім з боку мяжуючых з Расеяй Нямеччыны й Аўстра-Вэнгрыі. Трэба памятаць, што нават кароткае, бо ўсяго да 1807 году, знаходжаньне Беластоцкай акругі ў складзе Каралеўства Прусіі выклікала працэс беларускай самасьвядомасьці, у скарочаным варыянце названы „радзінай паповічаў” у структуры арганізаванай немцамі вуніяцкай Супраскай эпархіі. А пры нагодзе цікава заўважыць, што разгар нацыянальнага духу ў народаў, захопленых Расейскай Імпэрыяй у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, адбываўся не ад цёмнага ўсходу, але ад захаду: украінцы падалі свой голас не ў падрасейскім Кіеве, а ў падаўстрыйскім Львове; летувісы-у паднямецкім Тыльзыце ды ў Клайпэдзе, а беларусы — у Супрасьлі пад Беластокам, у цэнтры немалога на той час асьветніцка-культурнага маштабу... Гэта натуральнае, таму што самая ідэалёгія нацыянальнасьці ёсьць абуджэньнем уласных сілаў ды вызваленьнем з?пад чужое залежнасьці свайго лёсу дзеля лепшай будучыні.

Аднак варта зьвярнуць увагу таксама на іншы аспэкт агульнай сытуацыі ў дзяржаве, разьвіцьцё якой пайшло ў некарысным нашай Айчыне напрамку, у чым відаць — свайго роду парадаксальны — удзел і саміх беларусаў. На ўвазе маецца забойства ў 1881 годзе імпэратара Аляксандра ІІ, таго самага „цара-вызваліцеля”, якога сяляне ўшаноўвалі за ліквідацыю дзікага прыгону, а фактычна — рабства, калі пан меў права ўчыніць з мужыком ды яго сям’ёю абсалютна ўсё, што яму толькі задумалася. Аляксандраўскія рэформы паглыбляліся далей: гэты асьвечаны валадар імкнуўся далучыць Расею да эўрапейскага стандарту, разумеючы, што інакш пагражае ёй упадак. Так і здарылася: прайграная вайна з малой Японіяй у гадох 1904-1905, затым зь Нямеччынай і — як наступства гэтага — бальшавіцкі пераварот, ізаляцыя краіны ў сьвеце. Рыхтавалася канстытуцыйная манархія, добраахвотнае абмежаваньне сувэрэнам сваёй улады, утварэньне парлямэнту, паступовая дэмакратызацыя, прызнаньне народным нізам грамадзянскіх правоў... Ігнат Грынявіцкі, лідэр Беларускай партыі, сумесна з расейскімі ўтапістамі-сацыялістамі, страляючы ў гэтага інтэлігентнага манарха, несьвядома запыніў лібэралізацыю, уводзячы на царскі пасад алкаголіка й дэгенэрата Мікалая ІІ, а пасьля ягонай заўчаснай сьмерці — Мікалая ІІІ, асобу з мэнталітэтам акуратнага ўрадніка, але не палітыка ды ўдумлівага валадара.

Тады й пачалася нашаніўская пара, даўно насьпеўшая й таму так плённая. Як успамінаюць у сваіх запісах сучасьнікі, дзьверы ў рэдакцыю „Нашай Нівы” проста не зачыняліся ад безупыннага патоку наведвальнікаў. Людзі прыяжджалі ды прыходзілі здалёк пад яе віленскі адрас ня столькі дзеля таго, каб чагосьці дабіцца ў надакучлівай справе, але каб звычайна выгаварыцца, адвесьці душу. Падпісваліся на газэту на агромністай тэрыторыі, дзе толькі гаварылі па-беларуску: ад Чарнігаўшчыны да паўднёвых воласьцяў Латвіі, Латгаліі; ад Смаленшчыны да ўскраін Белавескай пушчы й Падляшша. Так сорак гадоў назад чыталі ды зачытвалі да дзірак „Мужыцкую Праўду” Кастуся Каліноўскага, некаторыя нумары якой даводзілася кансьпіратарам друкаваць па два разы — а можа й больш!

Сумна адзначыць пры тым, што гістарычна запозьненае зьяўленьне „Нашай Нівы”, да якога дайшло ня ў выніку сьвядомай перабудовы Расейскай Дзяржавы, а прымушанасьці катастрафічнымі акалічнасьцямі, азначала для яе таксама барацьбу за прызнаньне свайго беларускага імя нават гэтак жа паняволенымі царызмам палякамі. З прыхільнасьцю ставіліся да яе колы нелегальнай Польскай Сацыялістычнай партыі (ППС). Добра прыслужылася таленавітая публіцыстыка Леана Васілеўскага — дзеяча, блізкага Юзэфу Пілсудскаму, які потым у памятным 1920 годзе з жалем канстатаваў, што варшаўская дыпляматыя — сваім непрызнаньнем самастойнасьці Беларусі — зьнішчыла шанец на саюз яе з Польшчай, папіхаючы гэтым самым Беларусь у абдымкі Масквы.

Перамогу ў польскай палітычнай думцы анахранічнай канцэпцыі „Ўсходніх Крэсаў” яскрава выказаў наш геніяльны Янка Купала, напісаўшы такія вось, на жаль, актуальныя па сёньняшні дзень, радкі:

Чаго вам хочацца, панове?

Які ў вас выклікаў прымус?

Забіць трывогу аб тэй мове,

якой азваўся беларус!?...

Пяро Васілеўскага, вострае й прарочае, не зьмяніла атмасфэры непрыхільнасьці да „Нашай Нівы”. Яна несьціхана адбівалася ад нападаў — як не энтузіястаў „единой и неделимой”, то вызнаўцаў Польшчы „ад мора да мора”. Трэба абавязкова запісаць у плюсы для яе рэдакцыі, што пазьбягала яна нацыяналістычных, антыпольскіх наогул альбо антырасейскіх акцэнтаў у палеміках. Бог не паскупіў розуму ейным аўтарам бачыць адраджэньне Беларусі ў шырокім, а не ў вузкапавятовым пляне. Хто ведае, ці так было б, калі б у ваўкавыйным хоры польскіх шавіністаў не зьбівалі яго беларусаведныя сьпевы, сумленныя галасы такіх сапраўдных патрыётаў Польшчы, як менавіта Леан Васілеўскі ды цэлы шэраг сапраўдных будаўнікоў ейнае незалежнасьці. Прычакала спагады „Наша Ніва” і з боку расейцаў, але ў іх лягеры ўсё-такі не знаходзім абаронцы накшталт Леана Васілеўскага альбо Баляслава Ліманоўскага. Гісторыя аднак рэалізуецца не просталінейна, але ўвесь час зігзагамі.


22. Газэты | Пад знакамі Арла й Пагоні | 24. Нападкі